Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 5 человек

Інфармацыйная гадзіна "Жыву ў Беларусі і гэтым ганаруся"

Дата: 28 сентября 2022 в 21:42
365 просмотров

Згуртаванасць, салідарнасць і паразуменне беларусаў, аб'яднаных гісторыяй, традыцыямі, культурай і агульным духам павагі і роўнасці – гэтыя якасці заўсёды былі галоўнымі для беларусаў, такімі і павінны заставацца.

«Жыву ў Беларусі і гэтым ганаруся»

Гутарка

Мэты: пашырыць веды вучняў пра культуру і традыцыі беларускага народа, раслінны і жывёльны свет; пазнаёміць з асаблівасцямі геаграфічнага становішча Беларусі; развіваць увагу, мысленне, пазнаваўчую актыўнасць; выхоўваць любоў да Радзімы, беражлівыя адносіны да прыроды роднага краю.
Абсталяванне: Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь; беларускія песні; мультымедыйная прэзентацыя; фота бусла, нацыянальнага адзення беларусаў, Мірскага замка.

I. Арганізацыйны момант

— Кожная краіна, кожны народ мае свае дзяржаўныя сімвалы — гімн, герб, сцяг. Але існуюць і неафіцыйныя сімвалы, якія не менш важныя для дзяржавы.
  Нацыянальная культура ўключае ў сябе мову, гістарычную спадчыну, традыцыі, фальклор, народныя рамёствы, прафесійнае і самадзейнае мастацтва.
   Давайце адправімся ў падарожжа па нашай краіне. Мы яшчэ раз прыгадаем афіцыйныя сімвалы нашай краіны, а таксама і тое, што неафіцыйна з’яўляецца візітнай карткай Беларусі, яшчэ раз успомнім жыхароў нашых лясоў і рэк, паўдзельнічаем ў розных конкурсах і віктарынах.

II. Афіцыйная сімволіка Рэспублікі Беларусь

— Афіцыйнымі сімваламі любой краіны з’яўляюцца Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн і Дзяржаўны сцяг, якія аб’ядноўваюць усіх жыхароў гэтай краіны. Натуральна, ёсць яны і ў нас. Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн і Дзяржаўны сцяг — гэта твар нашай дзяржавы, які адрознівае яе ад другіх краін свету.
   Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь былі зацверджаны на рэспубліканскім рэферэндуме 14 мая 1995 года. Другая нядзеля мая — Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.
    Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь быў зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2 ліпеня 2002 года на падставе вынікаў грамадскага абмеркавання і ўліку прапаноў камісіі па правядзенні конкурса на стварэнне тэксту і музыкі гімна.
Давайце разам яшчэ раз праслухаем і праспяваем наш гімн. Калі выконваецца гімн, абавязкова трэба падымацца.
Гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь.
— А ці добра вы ведаеце сімволіку нашай дзяржавы?

Віктарына «Сімволіка»

Што сімвалізуе сцяг, гімн, герб? (Радзіму.)
Колькі колераў мае Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь? (Тры — зялёны, чырвоны, белы.)
Якімі кветкамі пераплецены герб? (3 аднаго боку ружовымі кветкамі канюшыны, з другога — блакітнымі кветкамі льну.)

III. Неафіцыйныя сімвалы беларускага краю

— Як вы думаеце, ці ёсць яшчэ што-небудзь, што асацыюецца з нашай краінай?
— Безумоўна, ёсць. I гэта мы называем неафіцыйнымі сімваламі беларускага краю.

Нацыянальная птушка Беларусі

Якая птушка стала сімвалам беларускага краю? (Бусел.)
Як вы лічыце, чаму менавіта бусел займае гэта ганаровае месца? (Бусел — белая птушка Белай Русі.)
Вы ведаеце, што буслы зімуюць у Афрыцы і з-за доўгай дарогі доўгі час не бываюць у нашых краях. Чаму ж радзімай буслоў усё-такі лічыцца Беларусь? (Нягледзячы на доўгія і стамляючыя пералёты, яны заўсёды вяртаюцца да дня вясенняга раўнадзенства ў свае гнёзды.)

Конкурс «Адгадай птушку»

— А зараз давайце праверым, ці добра вы ведаеце нашых беларускіх птушак.
Дзецям паказваюцца выявы птушак, што жывуць у беларускіх лясах (сава, шпак, дзяцел і г.д.), а яны павінны іх пазнаць і назваць.

Нацыянальнае адзенне беларусаў

Важным сімвалам кожнага народа з’яўляецца нацыянальнае адзенне. Па арнаменце, фасоне, дэталях можна даведацца, з якой мясцовасці чалавек. Так, раней на Беларусі ўсе і заўсёды насілі паясы. Калі б чалавек з'явіўся на вуліцы без пояса, гэта б выклікала здзіўленне. Поясам перавязвалі першы сноп ураджаю. 3 паясамі звязаныя народныя прыкметы і павер’і, варажба.
Вельмі прыгожыя жаночыя беларускія нацыянальныя касцюмы — строі. Яны аздабляліся арнаментам — асаблівымі вышыўкамі на рукавах, спадніцы, фартуху. Узору арнамента надавалася асаблівае значэнне. Беларускі арнамент можна пабачыць і на Дзяржаўным сцягу нашай краіны.

Нацыянальная кухня беларусаў

— Вы калі-небудзь задумваліся над тым, для чаго людзі ходзяць у госці?
— 3 даўняга часу людзі хадзілі адзін да аднаго, дзяліліся горам і радасцю, сустракаліся і гаварылі кожны аб сваім, успаміналі тое, што было, і марылі пра тое, што будзе.
Пра беларусаў заўсёды казалі, што іх адметнай рысай з’яўляецца гасціннасць. Паслухайце, калі ласка, адну гісторыю і адкажыце на пытанне: які самы галоўны прадукт харчавання на стале ў кожнага беларуса?
Настаўнік чытае прытчу «Хлеб».

Была нядзеля. Гаспадыня накрыла святочны стол. Чаго толькі на ім не было: і грэцкая каша, і салата, і смажанае мяса, і нават фаршыраваны шчупак. Усе стравы атрымаліся вельмі смачныя. Але не паспела гаспадыня выйсці, як яны заспрачаліся паміж сабою, якая з іх самая галоўная. Кожнай была ўпэўнена, што яна найважнейшая. Як тут быць?
— А давайце дамовімся, — прапанавалі агуркі, — каго першага возьмуць у рукі, той і галоўны.
На тым і пагадзіліся.
Гаспадыня запрасіла гасцей да стала. Калі ўсе паселі, самы стары і паважаны дзед агледзеў стол і запытаўся, ці ў кожнага ўсё ёсць, Потым яшчэ раз зірнуў на стол і хітравата усміхнуўся:
— Гаспадынька, а нешта ж я не бачу на стале самага галоўнага...
- Чаго? — падхапілася гаспадыня.
— Паглядзі, сама ўбачыш...
Жанчына акінула ўважлівым вокам стол і пляснула далонямі:
— Гэта ж трэба — хлеб не падала! Так круцілася, што пра самае галоўнае забылася.
Людзі за сталом заўсміхаліся, павесялелі, а гаспадыня прынесла вялікі бохан свежага духмянага хлеба і падала дзеду. Той узяў нож і пачаў лусту за лустай кроіць яго, рукі гасцей самі сабой пацягнуліся да хлеба.
Усе стравы сціхлі.
Хлеб! Ён ніколі не прыядаецца і ніколі не лішні. ён і ёсць усяму галава.

— Хлеб трэба абавязкова даядаць; старыя людзі кажуць, што калі пакінеш кавалачак хлеба, то пакінеш сваё здароўе. Хлеб нельга кідаць на зямлю, на падлогу; раней, калі хлеб раптоўна падаў з рук, яго адразу паднімалі і прасілі прабачэння.
Але ў беларусаў ёсць яшчэ адзін з найгалоўнейшых прадуктаў харчавання. Які, як вы думаеце, што гэта? (Бульба.)
— Так, здаўна бульба з’яўлялася любімай ежай беларусаў. Яе называюць на Беларусі «другім хлебам». Бульба і хлеб — два самыя важныя прадукты харчавання. 3 бульбы можна прыгатаваць больш за 700 розных страў. А якія вы ведаеце стравы, прыгатаваныя з бульбы?
Пералічыце, калі ласка.

Конкурс «Стравы з бульбы»

Дзеці могуць зрабіць спісы страў з бульбы. У гэтым конкурсе выйграе той, чый спіс большы.
— Бульбу славяць таксама і ў беларускіх песнях. Давайце паслухаем песню-танец «Бульба».
Гучыць песня.
— Так, хлеб і бульба — самыя галоўныя стравы беларусаў. Без іх нельга ўявіць сабе святочны і будзённы абед альбо вячэру.

IV. Гісторыка-культурная спадчына Беларусі

— Калі ўзяць у рукі цыркуль і на геаграфічнай карце абвесці кругам Еўропу, то яе цэнтр будзе на тэрыторыі Беларусі, недзе паміж Мінскам і Гродна, дакладней, цэнтр акружнасці трапляе на гарадок пад назвай Мір. Кажуць, што славутая геаграфічная кропка знаходзіцца пад сценамі Мірскага замка.
Мірскі замак — жамчужына беларускага каменнага дойлідства. Згодна з легендай, ён пабудаваны таямнічымі асілкамі і існуе са спрадвечных часоў. Адзінай думкі пра дату ўзнікнення замка няма, афіцыйная версія — пачатак XVI стагоддзя.
Існуе выраз: «Легенды для замка — што сэрца для чалавека». Ёсць легенды, звязаныя з Мірскім замкам. Кажуць, што ў адну з яго сцен ўмураваная каменная галава барана. Яшчэ кажуць, што, калі яе дастаць з кладкі, то замак у той жа час разбурыцца. Праўда, зрабіць гэта немагчыма: не дазваляе якасць старой кладкі. У сценах замка і зараз можна сустрэць цэглу з адбіткамі ножкі дзіцяці, лап сабак і кошак.
Мірскі замак — яшчэ адзін сімвал Беларусі.

Конкурс «Гарады Беларусі»

— Цяпер мы праверым, як добра вы ведаеце гарады нашай краіны.
Вучні па чарзе называюць па адным горадзе Рэспублікі Беларусь. Перамагае той, хто апошнім назваў горад.

V. Блакітныя каралі Беларусі

Ваду называюць блакітным багаццем. Без яе не можа жыць чалавек. 2/3 паверхні Зямлі складаюць акіяны, моры, рэкі, азёры. Але гэтым багаццем валодаюць не ўсе краіны.
Беларусь невыпадкова называюць сінявокай. Яна адносіцца да краін, багатых воднымі рэсурсамі. А самае галоўнае — Беларусь уваходзіць у дзясятку краін, што валодаюць самай смачнай прэснай вадой і вялікімі яе запасамі.

Віктарына «Вадаёмы і іх жыхары»

Якое возера самае вялікае на Беларусі? (Нарач.)
Якія азёры вам вядомы яшчэ? (Браслаўскія, Свіцязь і інш.)
Якія рэкі Беларусі самыя вялікія? (Днепр, Заходняя Дзвіна, Нёман, Прыпяць, Сож.)
Якія яшчэ рэкі Беларусі вы ведаеце? (Свіслач, Пціч, Вілія, Бярэзіна і інш.)
Хто з’яўляецца жыхаром вадаёмаў? (Птушкі, жывёлы, рыбы, ракі, насякомыя.)
Якія птушкі жывуць на вадзе ці каля яе? (Качкі, гусі, чайкі і інш.)
Якія жывёлы жывуць каля вады? (Бабры, андатры і інш.)
Якую рыбу можна злавіць у нашых вадаёмах? (Плотка, акунь, ялец, карась, лешч, шчупак і інш.)

VI. Рэфлексія «Закончы сказ»

Паказ мультымедыйнай прэзентацыі.
— Вось і падышла да канца наша размова пра цудоўную, прыгожую, самабытную краіну — нашу Радзіму Беларусь.
• Я ганаруся тым, што...
• Для мяне Беларусь...
• Да нацыянальных сімвалаў Беларусі адносяцца...
— Хочацца закончыць нашу праграму радкамі:
 

О, Беларусь! Старонка дарагая,
Мне без цябе — як дрэву без вады.
Хоць непрыкметнай птушкай твайго гаю, —
А бы з табой... Навекі, назаўжды.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.