Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 5 человек

Класная гадзіна "Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь"

Дата: 5 мая 2022 в 22:07
268 просмотров

Як суверэнная дзяржава, Рэспубліка Беларусь мае свае дзяржаўныя сімвалы – Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн.
Пачынаючы з 1917 года ў Беларусі неаднаразова мяняліся Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб. Аднак, нягледзячы на існуючыя адрозненні, усе варыянты дзяржаўнай сімволікі мелі падобную аснову, што дазваляе гаварыць аб іх гістарычнай пераемнасці.

Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь

Мэта: вывучэнне дзяржаўных сімвалаў Беларусі і іх гісторыі.

Задачы:

  • даць асноўныя паняцці пра сімвалы і эмблемы дзяржавы;
  • паказаць, што дзяржаўная сімволіка – гэта агульнаграмадзянская каштоўнасць;
  • выхоўваць у вучняў паважлівыя адносіны да сімвалаў сваёй дзяржавы.

Афармленне: Дзяржаўны герб Беларусі, Дзяржаўны сцяг Беларусі, тэкст Дзяржаўнага гімна Беларусі, аудыёзапісы з Дзяржаўным гімнам РБ, песняй «Белая Русь» у выкананні А. Агурбаш.

Ход занятка:

  1. Арганізацыйны момант

Падрыхтоўка класа да работы.

  1. Асноўная частка

Настаўнік. Добры дзень, юныя грамадзяне Беларусі! Тэма нашай  гадзіны «Дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь». Як вы разумееце паняцце «сімволіка»? (адказы вучняў)

Настаўнік. Сімваламі і знакамі запоўнена ўсё наша жыццё. Нават імя і прозвішча – гэта знакі, якія раскрываюць змест своеасаблівага, непаўторнага лёсу. Францыск Скарына, Максім Багдановіч, Янка Купала... Сімвалы існуюць з даўніх часоў і будуць існаваць вечна.

У далёкім мінулым людзі, якія жылі разам, утваралі роды і плямёны. Роды і плямёны, якія не жадалі ці не маглі захоўваць вопыт продкаў, гінулі – слабелі і раствараліся ў іншых плямёнах. Тыя ж роды і плямёны, у якіх з павагай ставіліся да запаветаў і культуры продкаў, паспяхова развіваліся. Плямёны, як правіла, адрозніваліся аддзеннем.

Нашым продкам выпадала адстойваць свабоду і незалежнасць ад шматлікіх ворагаў. У жорсткіх бітвах трэба было дакладна адрозніваць сваіх ад няпрошаных прышэльцаў. Ролю адрозненняў выконвала перш за ўсё асобая форма і асобая афарбоўка шчытоў, асобыя віды зброі. Неабходнасць неяк азначыць свае палкі, выдзеліць іх і адначасова запалохаць ворагаў, падбадзёрыць сваіх воінаў прывяла паступова да стварэння сцяга, а ўпрыгожаны рознымі «шчаслівымі прыкметамі» або «знакамі лёсу» шчыт вядомага ваяра пераўтварыўся з цягам часу ў герб. І сцяг, і герб пераўвасобіліся ў знакі, якія перадаюць сваёй формай, колерам і адлюстраваннем вельмі істотныя звесткі. Сцяг стаў знакам, які сведчыў аб прыналежнасці войска, горада, замка ці карабля пэўнай краіне, пэўнай дзяржаве. Герб стаў знакам, які сведчыў аб радавітасці караля ці князя. Пазней герб правіцеля пачаў выкарыстоўвацца як герб дзяржавы, як галоўны сімвал. Ім ужо не пакланяюцца як боскім знакам, але іх паранейшаму шануюць, як роднае слова, родны дом, родную культуру і звычкі. Яны сімвалізуюць, увасабляюць для кожнага чалавека, для кожнага грамадзяніна Радзіму. Кожная дзяржава мае свае сімвалы і эмблемы. Дзяржаўны герб – афіцыйная эмблема дзяржавы, якая адлюстроўваецца на пячатках, бланках афіцыйных органаў, грашовых знаках і г.д. Вывучэннем гербаў займаецца гістарычная дысцыпліна геральдзіка (гербазнаўства).

Дзяржаўны сцяг – афіцыйны сімвал дзяржаўнай улады, які увасабляе суверэнітэт дзяржавы. Ён вывешваецца на будынках вярхоўных органаў дзяржаўнай улады, пасольстваў, гандлёвых прадстаўніцтваў, консульстваў за мяжой.

 Дзяржаўны гімн – урачыстая песня. Так, як і Дзяржаўны герб і сцяг з′яўляецца афіцыйным сімвалам той ці іншай дзяржавы. Свой гімн маюць усе сучасныя дзяржавы.

Зараз мы з вамі ўважліва разгледзім ўсе часткі герба. Кожная дэталь мае важнае значэнне і дае наглядныя і ў той жа час важныя звесткі пра нашу краіну, пра наш народ.

Першае, на што звярнем ўвагу - гэта зялёны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, як яна адлюстравана на геаграфічнай карце. Зялёны контур у залатых промнях узыходзячага Сонца. Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне герба, утворанага вянком з каласоў, пераплеценых з аднаго боку ружовымі кветкамі канюшыны, з другога – блакітнымі кветкамі ільну.

Вянок (з ружаў, пальмавых лісцяў, лаўра) спрадвеку выкарыстоўваўся народамі як узнагарода пераможцу і ўвасабляў перамогу. Разам з гэтым гэта сімвал памяці і непарыўнай сувязі сучаснікаў з продкамі. Славяне верылі, што пучок або сноп хлебных каласоў – лепшы спосаб звароту да божых сіл з просьбай аб пасланні ці дараванні новага ўраджаю і працвітання. Канюшына – сімвал сувязі са стваральным светам жывёл: канём, каровай, авечкай, для якіх яна – лепшы корм. Лён – гэта бавоўна Поўначы, цудоўны матэрыял для аддзення. Лён – сімвал пераўтваральнай працы, знак дабра і дастатку.

Ніжэй контура граніцы Рэспублікі Беларусь змешчаны зямны шар з узыходзячым над ім сонцам і залатымі промнямі. Зямны шар – гэта знак таго, што Рэспубліка Беларусь успрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў, гатова з імі дружыць і гандляваць, абменьвацца вырабамі і ведамі. Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця.

З элементаў герба звяртае на сябе ўвагу чырвоная зорка. Пяціканцовая зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх памкненняў.

Герб абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу чытаем надпіс залацістага колеру – «Рэспубліка Беларусь». Герб Рэспублікі Беларусь сімвалізуе дзяржаўную волю народа і выкарыстоўваецца ўсімі дзяржаўнымі органамі краіны.  

Дзяржаўны сцяг адлюстроўвае істотна важныя звесткі пра нашу краіну. Наш сцяг, як вы бачыце, мае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя повязі, брацтва, барацьбу за справядлівую справу. Ён азначае высокае прызначэнне ў лёсе і перамогу. Зялёны колер – гэта колер Прыроды, нашай карміцелькі, нашай першамаці. Гэта колер палёў і лясоў, якія здаўна займалі асноўную частку тэрыторыі нашай краіны. Зялёны колер – колер дабра, росту, развіцця, дабрабыту і міру. Нарэшце, белы колер – гэта перш за ўсё колер свабоды. Недарэмна лічаць, што назва нашай краіны – Беларусь – звязана з непахіснай воляй да свабоды.

Сцяг  Беларусі мае яшчэ адну важную, характэрную рысу – гэта чырвоны народны ўзор ці, інакш кажучы, арнамент. Арнамет – гэта сімвалічны малюнак, графічны спосаб заклінання вышэйшых боскіх сіл. Праз узоры, ці арнамент, людзі выказвалі розныя пажаданні і запаветы яшчэ ў тыя часы, калі не існавала пісьменства. На Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь адлюстравана частка (фрагмент) найбольш старажытнага і тыповага арнаменту. Работа была выканана ў 1917 годзе і належыць простай сялянцы Матроне Маркевіч з вёскі Касцелішча Санненскага павета.

Настаўнік. Што азначае гэты арнамент? Што ён сімвалізуе? Перш за ўсё – працалюбства і працоўнае майстэрства як перадумову кожнага шчаслівага лёсу. Прыгледзімся больш уважліва да арнаменту. У цэнтры яго ромб з тоўстымі «кручкамі», ці «рагамі», ці «вёсламі», якія азначаюць вечнасць і рух. Сам ромб – гэта старадаўняя выява багіні Зямлі і Урадлівасці. Разам з тым гэта сімвал засеянага поля. Такім чынам, беларускі сцяг расказвае гісторыю беларускага народа, заклікае да ажыццяўлення самых высокіх памкненняў да свабоды, росквіту і дружбы народаў. Гэты сцяг лунае над будынкам, у якім працуе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Сцяг пастаянна ўзняты і над будынкамі іншых важнейшых дзяржаўных органаў.

Настаўнік. Акрамя сцяга і герба, важным сімвалам дзяржавы з'яўляецца гімн – урачысты музычны твор, які прызваны аб'ядноўваць,  натхняць усю нацыю. Выканане Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь суправаджаецца праяўленнем вышэйшых форм павагі да яго – уставаннем грамадзянскіх асоб і аддаваннем павагі або салютаваннем зброяй вайскоўцамі… Мелодыя Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь вельмі ўрачыстая. Яе аўтар Н. Сакалоўскі. Словы на яе былі напісаны М. Клімковічам і У. Некляевым. Словы гімна ўслаўляюць краіну, заклікаюць да добразычлівых адносін да іншых народаў.

Гімн Беларусі можа выконвацца ў аркестровым, харавым або іншым вакальным і інструментальным варыянтах. Дзяржаўны гімн выконваецца пры ўступленні на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у час афіцыйнай цырымоніі ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і іншых афіцыйных цырымоній і г.д.

Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

3.Замацаванне матэрыяла. Тэст-гульня

1. На ліст якога дрэва падобны контур РБ?
а) дуба; 
б) бярозы;
в) клена.

2. Якія кветкі знаходзяцца на гербе РБ? 
а) васількі; 
б) канюшына;
в) рамонкі.

3. Белы колер – гэта колер?..
а) свабоды; 
б) барацьбы;
в) вясны.

4. Ен гучыць у самыя ўрачыстыя дзяржаўня святы?

а) заклік; 
б) верш;
в) гімн.

5. Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь?

а) зубр, герб, ромб;

б) герб, гімн, сцяг;

в)  сцяг; бусел, гімн.

4.Рэфлексія. Пажаданні сваёй краіне

Гучыць песня «Белая Русь» у выкананні А. Агурбаш. Дзеці на лістах паперы адрысоўваюць сваю далонь, пішуць на ёй пажаданне сваёй краіне.

Настаўнік. Вось і падыйшло да завяршэння наша мерапрыемства. Мне хочацца  яшчэ раз нагадаць вам, дзеці, што вы – юныя грамадзяне нашай краіны. Ваша Радзіма – Рэспубліка Беларусь. Любіце і шануйце яе! 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.